Аўдыягід

Апісанне

Дняпро – самая буйная па даўжыні, шырыні і паўнаводнасці рака Беларусі. Працягласць у межах нашай краіны 700 кіламетраў з 2 145 кіламетраў яе агульнай даўжыні. Пачынаецца рака на Валдайскім узвышшы і ўпадае ў Чорнае мора. Такім чынам, Дняпро нясе свае воды па тэрыторыі трох дзяржаў: Расіі, Беларусі і Украіны. У назвы «Дняпро» былі імёны-папярэднікі: «Барысфенам» яшчэ ў V стагоддзі яго назваў старажытнагрэчаскі вучоны Герадот, была і больш позняя славянская назва – «Славуціч». Правы бераг Дняпра круты і абрывісты, левы – наадварот, нізкі і спадзісты. Рэчышча ракі на ўсім працягу рознае: то звілістае з лукавінамі, перакатамі і мелямі, то роўнае са спокойнай, мернай плынню. Шырыня ад некалькіх метраў у вытоку, ад 60 да 120 метраў у сярэднім цячэнні і да 10 кіламетраў пры ўпадзенні ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора, а глыбіня – ад 4 да 19 метраў. Па Дняпры праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Балтыйскае (Варажскае) мора з Чорным (Рускім). Дняпро і сёння суднаходны, Агінскі канал злучае Дняпро з басейнам Нёмана, а Дняпроўска-Бугскі – з басейнам Буга. На маляўнічых берагах Дняпра спрадвеку сяліліся людзі, продкі беларусаў. У вярхоўях жылі крывічы, паміж Дняпром і Сожам – радзімічы, паміж Дняпром і Прыпяццю – дрыгавічы. На дняпроўскіх берагах размешчаны гарады Магілёў, Орша, Шклоў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца. І кожнаму населенаму пункту гэтая магутная рака надае адмысловае зачараванне і задае рытм жыцця, незалежна ад таго, горад стаіць на яе берагах або невялікая вёсачка.

Каментары

Загрузка карты...