Аўдыягід

Апісанне

Пояс – вельмі важная частка нацыянальнага беларускага касцюма. Гэта не проста элемент адзення, а верны спадарожнік чалавека на працягу ўсяго жыцця ад нараджэння да смерці. Акрамя практычнага прызначэння (фіксаваць вопратку, служыць трымальнікам для нажа, сякеры, шпагі або кашалька), поясу надавалася і сімвалічнае значэнне. Пояс размяшчаўся на жываце – цэнтры жыцця і энергіі чалавека, прымаў форму круга і таму служыў абярэгам, мог абараніць ад нячыстай сілы. Лічылася, што падперазаных людзей «бес баіцца», а ў тых, якія «расперазаліся», наадварот, усяляецца. Паясы былі простыя і раскошныя, усё залежала ад дастатку, але мужчына любога саслоўя не мог выйсці з дому без пояса – гэта было непрыстойна!
Асабліва шанаваліся тканыя паясы. У адрозненне ад народнага ткацтва, паясы для шляхты ткаліся ў цэхах рамеснікаў на мануфактурах. У XVIII стагоддзі ў Слуцку была заснавана мануфактура шаўковых паясоў, якая належала князям Радзівілам. Мясцовыя майстры гадамі (больш за 7 гадоў) асвойвалі векавыя ўсходнія тэхналогіі, вучыліся ў майстэрнях стамбульскіх ткачоў. Шаўковыя паясы Слуцкай мануфактуры, якая яшчэ называлася «персіярня», вельмі хутка змаглі паспяхова канкурыраваць з турэцкімі, персідскімі і кітайскімі паясамі.
Класічны памер Слуцкага пояса 400 на 40 сантыметраў. Ён быў падзелены на 3 часткі: асноўная частка – «сярэднік» і два канцы – «галовы». Канцы пояса часта заканчваліся шаўковымі залататканымі махрамі ад 12 да 30 сантыметраў. Асноўная частка складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам, а на «галовах» ткалі ўзоры з кветак, пераплеценых сцебляў з лісцем, галінак дрэва. Малюнак на паясах паступова стылізаваўся з усходняга ў беларускі. Турэцкія гваздзікі і «квітнеючыя пні» сталі акружаць васількі, незабудкі, дубовае лісце, жалуды. Максім Багдановіч пісаў: «Цямнее край зубчаты бора... І тчэ, забыўшыся рука... Заміж персідскага ўзора... Цвяток радзімы васілька». Шоўк, залатыя і срэбраныя ніткі выпісваліся з-за мяжы. Сапраўдны Слуцкі пояс мог утрымліваць ад 200 да 800 грамаў золата. За адзін такі пояс можна было купіць некалькіх пародзістых коней або невялікі маёнтак.
Лічыцца, што Слуцкія паясы ткалі толькі мужчыны, так як гэта была праца не толькі цяжкая, але і высокакваліфікаваная. Яшчэ існавала меркаванне, што ад дотыку жаночай рукі залатыя і срэбраныя ніткі цямнеюць, таму пояс будзе сапсаваны. Але, магчыма, гэта міф, і Максім Багдановіч меў рацыю, калі пісаў вершы пра слуцкіх ткачых. Тым больш, што ў архівах сярод персаналу Слуцкай мануфактуры згадваюцца і дзяўчаты-працаўніцы.
У сярэдзіне XIX стагоддзя Слуцкая мануфактура была зачыненая. А з цягам часу, пасля ўсіх рэвалюцый і войнаў, Беларусь страціла сваю культурную спадчыну. І ўсё ж паясы вяртаюцца ў Беларусь. Дзяржава вядзе перамовы пра набыццё арыгінальных узораў, якія «аселі» ў прыватных калекцыях і музеях многіх краін: Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы і інш. Акрамя таго, у Беларусі была зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогіі і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў у сучасных умовах. І нядаўна на прадпрыемстве «Слуцкія паясы» адбылася выбітная падзея: адроджаны Слуцкі пояс убачыў свет. Слуцкі пояс – гэта нацыянальны здабытак, наш гонар, наш уклад у сусветную культуру.

Відэа прадастаўлена Дзіцячай тэлестудыяй «Пражэктар» - пазнавальны тэлепраект для ўсёй сям'і «Беларусь на далоньцы».
Аўтар праекта, рэжысёр - Ткачэнка Вера Віктараўна

"Беларусь на далоньцы" у сацыяльных сетках:
УКантакце: https://clck.ru/S73t9
Instagram: https://clck.ru/S744v
YouTube: https://clck.ru/S746W

Відэа

Iншыя месцы

Каментары

Загрузка карты...