Аўдыягід

Апісанне

Беларускі іканапіс можна прылічыць не да народнай творчасці, а да выяўленчага мастацтва з вельмі даўняй і багатай гісторыяй. Самыя раннія іконы на тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў Полацку і Тураве прыкладна ў IX стагоддзі, з часу прыняцця хрысціянства. Першыя іконы былі візантыйскімі. Еўфрасіння Полацкая, напрыклад, атрымала ікону Маці Божай з Канстанцінопаля, якую ёй падараваў імператар Мануіл Камнін.
Традыцыі Візантыі і Старажытнай Русі асіміляваліся на беларускай зямлі. І таму ўжо ў XV стагоддзі фарміруецца незалежная беларуская школа са сваімі асаблівасцямі, так званая «крыцкая манера» пісьма. Беларускія іканапісцы выкарыстоўвалі святлацені для выяўлення формы. Гэты прыём надаваў малюнку аб’ём, глыбіню і перспектыву. А ў традыцыйным славянскім іканапісе святлацені не ўжываліся. Самабытнасць беларускага іканапісу тлумачыцца суіснаваннем на нашай тэрыторыі дзвюх плыняў хрысціянства: праваслаўя і каталіцызму. А з увядзеннем уніяцтва гэты ўзаемаўплыў яшчэ ўзрос. Але ў пачатку XIX стагоддзя, у перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, беларускі іканапіс пачаў губляць сваю самабытнасць. Гэтаму спрыяла таксама развіццё друкаванай графікі. І ўласна беларуская ікона знікла пасля ліквідацыі царкоўнай уніі ў 1839 годзе.
Асаблівасцю беларускай іконы было ўпрыгожванне малюнка разьбой, лепкай, акладамі. Абразы былі «жывыя», па іх можна вывучаць этнаграфічныя асаблівасці беларусаў, тыпажы людзей і нават іх эмоцыі: плач, радасць, смутак. А павялічаныя адкрытыя вушы на іконах – гэта таксама наша асаблівасць. Значыць, беларусы ўважліва слухаюць Бога і адзін аднаго. Таму і Бог чуе нас.

Iншыя месцы

Каментары

Загрузка карты...