Аўдыягід
Апісанне
Вырабы з гліны бяруць свой пачатак з часу, калі чалавек пачаў весці аселы лад жыцця і яму спатрэбіўся посуд. Гаршкі, гладышы, міскі, кубкі – гэта былі першыя вырабы. Потым пачалі ляпіць дэкаратыўную кераміку і дзіцячыя цацкі, у асноўным анімалістычныя – фігуркі бараноў, пеўнікаў, мядзведзяў…
Самыя старажытныя вырабы вырабляліся ад рукі і былі няправільнай формы. Але потым, у X стагоддзі, з’явіўся ганчарны круг, і гэта быў новы віток у развіцці ганчарства. Круг быў ручны і нажны. Вырабы, якія вырабляліся спосабам выцягвання на ганчарным крузе, былі з плаўнымі, мяккімі абрысамі. Упрыгожваліся традыцыйным лінейна-хвалістым арнаментам або распісваліся. У кожным рэгіёне Беларусі былі свае цэнтры ганчарства са сваімі традыцыйнымі і вядомымі рысамі. Напрыклад, жоўта-зялёную кераміку з вёскі Гарадная Столінскага раёна або чорна-глянцавую з пасёлка Поразава ведалі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гараднянскую, поразаўскую кераміку вывозілі ў Варшаву, Кіеў, Вільню. У нашай краіне традыцыі ганчарнага майстэрства не страчаны, адраджаюцца былыя цэнтры, як, напрыклад, у Пружанах Брэсцкай вобласці або ў Росі Гродзенскай вобласці. А вырабы ганчарных спраў майстроў па-ранейшаму нясуць у наш дом прыгажосць і асаблівую энергетыку.
Каментарыі