Апісанне

Віцебск – старажытны беларускі горад, самы паўночны з абласных цэнтраў Беларусі. Годам заснавання лічыцца 974, а заснавала яго, паводле легенды, кіеўская княгіня Вольга. Назву Віцебск атрымаў ад ракі Віцьба, пры ўпадзенні якой у Заходнюю Дзвіну і паўстаў гэты выдатны горад. Сёння ў ім пражывае больш за 370 тысяч чалавек, тут знаходзяцца буйнейшыя прадпрыемствы па вытворчасці абутку «Марка» і «Белвест», камбінат «смачнай» кандытарскай прадукцыі «Віцьба», але перш за ўсё, Віцебск – гэта горад мастакоў і фестываляў. Ён падарыў свету Марка Шагала і ведаў Казіміра Малевіча. Тут з 1992 года «прапісаўся» галоўны штогадовы фестываль славянскай музыкі, які так і называецца «Славянскі базар».
Герб горада Віцебска. Геральдычным сімвалам, якім з’яўляецца герб, Віцебск быў надзелены ў 1597 годзе каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III Вазай. На блакітным фоне іспанскага (па форме) шчыта вобраз Хрыста Збавіцеля, унізе сярэбраны з залатой ручкай меч, зверху і з бакоў шчыт падтрымліваюць анёлы. Выгляд герба з часам мяняўся, але сучасны амаль цалкам адпавядае першапачатковаму, за выключэннем мяча. Яго выява раней была чырвонай («крывавай»), а сярэбраным меч стаў з 2009 года.

Каментары

Загрузка карты...