Аўдыягід

Апісанне

Гродна. Гарадзень, Гародня, Горадна... Так у розны час называлі Гродна, а назва азначае «гарадзіць», «гарадзішча», «абгароджанае месца». Першае згадванне пра гэты старадаўні горад адносіцца да 1127–1128 гадоў. Права на гарадское самакіраванне (магдэбургскае) было атрымана таксама вельмі даўно, у 1406 годзе. Зараз гэта абласны цэнтр з насельніцтвам больш за 370 тысяч чалавек, горад з развітай хімічнай і харчовай прамысловасцю. Тут працуе пальчаткавая фабрыка і знаходзіцца першы ў Беларусі заапарк. Гэта горад, дзе жыла і тварыла пісьменніца Эліза Ажэшка, дзе нарадзіўся мастак Леў Бакст, горад, які натхняў пісьменнікаў Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Многія лічаць Гродна самым прыгожым і самым еўрапейскім горадам Беларусі. Ён яшчэ і «каралеўскі горад»: тут была рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага Вітаўта і караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя, тут склаў свае паўнамоцтвы апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Такія славутасці горада як Барысаглебская (Каложская) царква, гродзенскія замкі, манастыры, касцёлы, цэрквы, кірха і сінагога, забудова Старога горада – усё гэта не пакідае чалавека абыякавым. Тут лунае нейкі асаблівы дух інтэлігентнасці, гонару за сваё мінулае і адчуваецца беражлівае да яго стаўленне. Так што, калі ты не жыхар Гродна, то, пабываўшы там аднойчы, захочаш зноў сюды вярнуцца. Верыш?
Герб горада Гродна. «У блакітным полі барочнага шчыта намаляваны алень, які скача праз срэбны плот, на галаве аленя паміж рагамі ўмацаваны залаты крыж». Такімі словамі апісваецца герб Гродна, які быў падараваны гораду польскай каралевай Бонай Сфорца. Алень, які скача, – гэта алень Святога Губерта, апекуна паляўнічых. Па легендзе Губерт быў каталіцкім святаром, але жыццё вёў свецкае і даволі разгульнае. Будучы заўзятым паляўнічым, ён аднойчы падчас буры згубіўся ў лясным гушчары. Прадчуваючы немінучую гібель, ён пачаў апантана маліцца, і да яго прыйшло выратаванне ў выглядзе аленя з залатым крыжам паміж рагамі, які вывеў яго з ляснога гушчару. Губерт пакаяўся, цалкам змяніў сваё жыццё і прысвяціў яго служэнню Богу і людзям. Пасля смерці ён быў прылічаны да ліку святых, лічыўся заступнікам палявання і паляўнічых. У Гродне, акружаным лясамі, дзе паляванне доўгі час было асноўным заняткам, Гумберта заўсёды вельмі шанавалі. Пазней на гербе з’явілася агароджа, яна візуальна перадае назву горада. Агароджа і алень сімвалізуюць свабодалюбства гараджан. Сам па сабе алень – гэта сімвал вытанчанасці і высакароднасці, а алень з крыжам у хрысціянстве – гэта яшчэ і сімвал душы – чалавека, прыроды, горада. Такі вось герб горада Гродна і сёння, хоць за час, які прайшоў ад яго заснавання да нашых дзён, ён не раз відазмяняўся.

Каментарыі

avatar
Анна
Интересная информация!
12.04.2022
avatar
Олег
Мой любимый город
03.05.2023
Загрузка карты...