Аўдыягід

Апісанне

Тураў. Сёння Тураў – невялікі гарадок з насельніцтвам менш за 3 тыс. чалавек, а калісьці 1000 гадоў таму ён быў цэнтрам удзельнага Тураўскага княства. У горадзе кіпела жыццё: развіваліся рамёствы, квітнеў гандаль, будаваліся храмы. Упершыню Тураў згадваецца ў летапісе ў 980 годзе, гэта адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Назву атрымаў, верагодна, ад імя князя Тура, які заснаваў гэты горад на зямлі дрыгавічоў. А сам князь атрымаў імя ад распаўсюджанай у той час у Еўропе вялізнай жывёлы – тура, які знік у XVI стагоддзі. Тураў яшчэ называюць другім Іерусалімам, можа таму, што ў старажытнасці ў горадзе было 85 цэркваў, а яшчэ тут з зямлі «растуць» каменныя крыжы. Ад былой велічы ў Тураве амаль нічога не засталося, але дух гісторыі і славутага мінулага не пакідае гэтыя месцы, сюды прыязджаюць людзі – турысты і паломнікі.
Герб Турава. На блакітным полі іспанскага шчыта намаляваны воін у вопратцы старажытнаславянскага волата, які страляе з лука. За плячыма лучніка калчан са стрэламі. Менавіта такая выява была навеяна ўнікальнай сучаснай знаходкай у Тураўскай царкве – каменным барыльефам XII – XIII стагоддзяў з выявай стралка, а таксама дэталямі лука і стрэл. Блакітны фон – сімвал праўды і вечнасці, а воін-лучнік – сімвал гераізму і мужнасці абаронцаў горада.

Каментарыі

Загрузка карты...