Аўдыягід

Апісанне

Магілёў. Абласны цэнтр з насельніцтвам 381 тысяча чалавек, размешчаны на маляўнічых берагах Дняпра. Годам яго заснавання па паданні лічыцца 1267 год, але вось назву горад узяў не ад ракі, як большасць паселішчаў таго часу. Легенда распавядае пра разбойніка Машэку, над магілай якога быў насыпаны курган, названы «Магіла льва», таму і Магілёў. Па іншай версіі, назву горад атрымаў ад імя полацкага князя Льва Уладзіміравіча, вядомага па мянушцы Леў Магутны. Але, тым не менш, Магілёў сёння – горад старажытны і малады адначасова. Тут размешчаны буйнейшыя прадпрыемствы хімічнай і харчовай прамысловасці. Малочную прадукцыю «Бабушкиной крынки» любяць і ведаюць не толькі ў Беларусі. У Магілёве вырабляюць ліфты і добры дзіцячы абутак. Горад цікавы і ў чымсьці нават унікальны, напрыклад, у Магілёве ёсць адзіны ў свеце помнік астролагу. Тут у свой час спынялася расійская імператрыца Кацярына ІІ. Падчас Першай сусветнай вайны ў горадзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай Арміяй і імператар Мікалай II, які займаў гэты пост, жыў тут са сваёй сям’ёй. Магілёў – радзіма Ота Юльевіча Шміта – вядомага вучонага, даследчыка Поўначы. Горад за сваю шматвяковую гісторыю не раз быў разбураны і гарэў, але, нібы Фенікс, ён адраджаўся зноў.
Свой герб Магілёў атрымаў у 1577 годзе разам з магдэбургскім правам. У 1661 годзе за подзвіг гараджан па вызваленні горада ад непрыяцеля Магілёву быў падараваны новы герб, дакладней стары герб быў дапоўнены выявай «Пагоні». А герб «Пагоня» быў у той час дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага. Сучасны герб Магілёва – гістарычны, ён рэальна адлюстроўвае гісторыю горада і распавядае пра тое, што магілёўцы ўмеюць мужна і стойка абараняць свой горад. На блакітным фоне намаляваны тры срэбраныя вежы, у адкрытай браме сярэдняй стаіць срэбраны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом. А над варотамі на чырвоным шчыце – срэбраны вершнік з мячом і шчытом. У гербе ўсё сімвалічна: срэбра азначае вартасць і высакароднасць, адкрытыя вароты – адкрытасць горада для добрых людзей, а рыцар з мячом – гатоўнасць да абароны роднай зямлі.

Каментарыі

Загрузка карты...