Царква Раства Прасвятой Багародзіцы (Мураванкаўская царква-крэпасць)

Гродзенская вобл., Шчучынскі раён, в. Мураванка, вул. Царкоўная, 7А
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Аўдыягід

Апісанне

Цэрквы-крэпасці ў Сынкавічах і Мураванцы. Помнікі абарончага дойлідства. Іх раздзяляе больш за 100 гадоў, вонкава яны адрозніваюцца архітэктурным стылем, але, гледзячы на іх, узнікае адно і тое ж пытанне: «Гэта храм ці крэпасць?» Аказваецца, і тое, і другое. Умацаваныя замкавыя збудаванні і храмы з магутнымі сценамі, вежамі, байніцамі – гэта прыкмета часу на беларускіх землях XIV – першай паловы XVII стагоддзя. Падарожнікі таго часу называлі Беларусь «краінай замкаў». А храмы-крэпасці выконвалі сваё прызначэнне – «ратавалі і захоўвалі». У Сынкавіцкім і Мураванкаўскім храмах увасоблены лепшыя рысы беларускага характару: мы людзі мірныя і гасцінныя, але, калі трэба, умеем пастаяць за сябе, за сваю зямлю.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Знаходзіцца ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудавана яна ў пачатку XVI стагоддзя, як мяркуецца, у 1524 годзе. Па архітэктуры яна нагадвае сярэднявечны замак. У плане будынак царквы – прамавугольнік, блізкі да квадрата. Па кутах чатыры круглыя вежы, накрытыя шатрамі. У верхняй частцы храма размешчаны абаронны пояс з байніцамі. Да іх вядуць вітыя лесвіцы, размешчаныя ў вежах. Да пачатку XIX стагоддзя ў царкве былі «герсы», так называліся пад’ёмныя дзверы-рашоткі, а пад царквой – скляпеністы падвал-склад, дзе захоўваліся царкоўная казна і боепрыпасы. Усё прадугледжана для абароны на выпадак нападу або аблогі. Але перш за ўсё гэта было месца, дзе маліліся і верылі ў жыццё. Таму і знешні выгляд у яго жыццесцвярджальны, грунтоўны і прыгожы. Фасад, сцены і вежы ўпрыгожваюць ярусы дэкаратыўных ніш з аркамі. Унутры царква перакрытая зорнымі гатычнымі скляпеннямі, якія ўтвараюць розныя фігуры: ромбы, трыкутнікі і г. д. За 600 гадоў жыцця Мураванкаўская царква-крэпасць не раз ратавала чалавечае жыццё, хавала і абаранялася. І сама, вядома, «ахуталася» таямніцамі і легендамі. Напрыклад, адной з таямніц з’яўляюцца шматлікія падземныя хады. Ці, напрыклад, да гэтага часу ніхто не ведае, для чаго ў адной са сцен быў зроблены праход з сярэдняй часткі ў алтарную. Можа, гэта быў шлях выратавання пры раптоўным нападзе?
У нашы дні «прыгажуня-царква» ў Мураванцы – гэта дзеючы праваслаўны храм, гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь і прэтэндэнт на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Iншыя месцы

Каментары

Загрузка карты...