Царква Святога Міхаіла Архангела (Сынкавіцкая царква-крэпасць)

Гродзенская вобл., Зэльвенскі раён, в. Сынкавічы
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Аўдыягід

Апісанне

Цэрквы-крэпасці ў Сынкавічах і Мураванцы. Помнікі абарончага дойлідства. Іх раздзяляе больш за 100 гадоў, вонкава яны адрозніваюцца архітэктурным стылем, але, гледзячы на іх, узнікае адно і тое ж пытанне: «Гэта храм ці крэпасць?» Аказваецца, і тое, і другое. Умацаваныя замкавыя збудаванні і храмы з магутнымі сценамі, вежамі, байніцамі – гэта прыкмета часу на беларускіх землях XIV – першай паловы XVII стагоддзя. Падарожнікі таго часу называлі Беларусь «краінай замкаў». А храмы-крэпасці выконвалі сваё прызначэнне – «ратавалі і захоўвалі». У Сынкавіцкім і Мураванкаўскім храмах увасоблены лепшыя рысы беларускага характару: мы людзі мірныя і гасцінныя, але, калі трэба, умеем пастаяць за сябе, за сваю зямлю.
Сынкавіцкая царква-крэпасць, у нашы дні гэта царква Святога Міхаіла Архангела, знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі Сынкавічы, што ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці. Гэта ўнікальны помнік беларускай готыкі і самы старажытны абарончы храм у Беларусі. Як мяркуецца, ён быў пабудаваны з цэглы ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзя. Існуе легенда пра тое, што заклаў яе вялікі князь літоўскі Вітаўт у знак удзячнасці Богу і тутэйшым людзям, якія захавалі яму жыццё. Адбылося гэта праз 25 гадоў пасля яго выратавання і ўцёкаў са зняволення ў Крэўскім замку. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. А для храма ў Сынкавічах часам указваецца дакладная дата пабудовы – 1407 год. У любым выпадку абарончая сістэма царквы паўтарае падобныя прыстасаванні дойлідства замкаў і крэпасцяў таго часу. Масіўныя сцены, чатыры баявыя вежы, байніцы над зборамі робяць яе падобнай на замак. У плане царква – перакошаны прамавугольнік, дзве вежы круглыя (гэта элементы старажытнарускага стылю), дзве кантаваныя гатычныя. Фасад упрыгожаны дэкаратыўным нішамі. Яны, розныя па форме і памерах, здымаюць уражанне цяжкавагавасці сцен. Акрамя таго, адмысловае зачараванне архітэктурнаму абліччу храма надае творчая перапрацоўка мясцовых майстроў, якая адчуваецца ва ўсіх дэталях. І гэта складае каштоўнасць Сынкавіцкай царквы-крэпасці і вылучае яе сярод іншых беларускіх храмаў абарончага тыпу.

Iншыя месцы

Каментарыі

Загрузка карты...