Крычаўскі палац князя Пацёмкіна

Магілёўская вобл., г. Крычаў, вул. Ленінская, 59
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Кантакты

Апісанне

Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі, уладанні ранейшых гаспадароў, не лаяльных у адносінах да новай улады, канфіскоўваліся і перадаваліся новым уладальнікам. Крычаўскае староства было падаравана расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ свайму фаварыту – князю Рыгору Пацёмкіну. І вось у Крычаве быў пабудаваны палац і закладзены пейзажны парк. Дакладная дата будаўніцтва невядомая. Некаторыя даследчыкі называюць 1780 год, іншыя 1778. Але з датай заканчэння ніхто не спрачаецца. Гэта быў 1787 год, калі Кацярына II наведала Крычаў па шляху ў Крым. Тут у палацы 19 снежня 1787 года імператрыца «зрабіла ласку» абедаць і начаваць. Да яе прыезду і спяшаліся з будаўніцтвам палаца. Можа, таму ён і спалучае ў сабе некалькі архітэктурных стыляў: класіцызм і псеўдаготыку. У плане палац мае выгляд манаграмы з літар П і Е (Потёмкин и Екатерина). Цэнтральны ўваход вядзе ў вестыбюль, злева і справа размешчаны пакоі. За вестыбюлем размешчана вялікая авальная зала, якая амаль напалову выступае за межы сцяны. Ад пейзажнага парку да нашых дзён захавалася толькі некалькі дрэў, а калісьці ён займаў плошчу ў 10 гектараў.
Калі Пацёмкін асталяваўся ў Крыме, свае крычаўскія ўладанні ён прадаў шляхцічу Яну Галынскаму. Палац потым неаднаразова перабудоўваўся, у 1840 годзе гарэў, аднаўляўся. У савецкія часы ў ім размяшчалася школа, затым – школа-інтэрнат. Пазней палац апусцеў, наступіў перыяд закінутасці і разбурэння. Але паступова пачалося аднаўленне, і ў 2003 годзе Крычаўскі палац быў уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сёння тут размяшчаецца Крычаўскі краязнаўчы музей і ЗАГС. Асоба яго родапачынальніка неардынарная і спрэчная, але для Крычава знакавая. Так здарылася, што пасля Пацёмкіна ў Крычаве не было пабудавана нічога выбітнага. А адноўлены палац – гэта сучасная візітная картка горада, яго ўпрыгожванне. Палац прыцягвае турыстаў і нікога не пакідае абыякавым. Акрамя таго, у Крычаве Пацёмкін пабудаваў і суднаверф, але гэта ўжо іншая гісторыя…

Iншыя месцы

Каментары

Загрузка карты...