Краснабярэжскі палацава-паркавы комплекс
Кантакты
Аўдыягід
Апісанне
Помнік палацава-паркавай архітэктуры ў стылі эклектыкі знаходзіцца на беразе ракі Добасна на паўночнай ускраіне аграгарадка Чырвоны Бераг, што ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Маёнтак належаў генерал-лейтэнанту Гатоўскаму, разрастацца пачаў у 1890 годзе, праз год у якасці пасагу дачкі Гатоўскага ён перайшоў да Паклеўскіх-Козелаў. Сядзібны дом быў пабудаваны ў 1890–1893 гадах па праекце архітэктара Шротара. Уяўляе сабой каменны Г-падобны ў плане 2-павярховы палац з 2-скатавымі стрэхамі. На фасадах вылучаюцца 2-4-5-гранныя эркеры, якія завяршаюцца гранёнымі шатрамі. Перад галоўным уваходам – манументальная тэраса з аркамі. Чырвоная цэгла чаргуецца з пабелкай, і гэты кантраст разам з зялёнымі стрэхамі надае палацу прыгажосць і вытанчанасць. Калі казаць пра архітэктурныя стылі, то гэта поўная эклектыка, змешванне стыляў. Тут іх больш за дзесяць: готыка, класіцызм, раманскі, ракако, барока і г.д. Палац, флігель, гаспадарчыя пабудовы і парк англійскага тыпу вельмі гарманічна ўпісаліся ў навакольную прастору. І час, як паказала жыццё, паставіўся да іх добразычліва. Уся сядзіба добра захавалася, хоць падчас вайны тут быў нямецкі шпіталь, а пасля – сельскагаспадарчы тэхнікум. У нашы дні ў адрэстаўраваным палацы знаходзіцца музей, аграрны каледж займае флігель. А парк прылічаны да прыродных помнікаў рэспубліканскага значэння. У нашы дні Краснабярэжскі палацава-паркавы комплекс – славутасць не толькі Гомельшчыны, але і Беларусі ў цэлым.
Каментарыі