Мемарыяльны комплекс «Курган Славы»
Аўдыягід
Апісанне
У 27 кіламетрах на ўсход ад Мінска над раўніннай тэрыторыяй узвышаецца велічны 35-мятровы пагорак – Курган Славы. Ён быў узведзены ў 1969 годзе ў памяць пра грандыёзную ваенную аперацыю «Баграціён», у выніку якой Беларусь была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У баях удзельнічалі войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызанскія падраздзяленні. Пры насыпцы пагорка сюды была дастаўлена зямля з гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, з Брэсцкай крэпасці-героя, з гарадоў і вёсак, якія праславіліся баявымі подзвігамі. Была замуравана капсула з наказам нашчадкам. Чатыры штыкі вышынёй 35 метраў на вяршыні кургана – сімвал братэрства воінаў чатырох франтоў. Штыкі пры моцным ветры злёгку, ледзь прыкметна, пакачваюцца. Каменныя прыступкі, іх 241, вядуць на назіральную пляцоўку, з якой добра ўяўляецца панарама былых бітваў, дзе была акружана і знішчана 100-тысячная групоўка фашысцкіх войскаў. Урачыстае адкрыццё комплексу адбылося ў 1969 годзе.
Каментарыі