Аўдыягід
Апісанне
Валюшнае рамяство – шапавальства – вядома ў нас з даўніх часоў, але найбольшае развіццё яно атрымала ў XVIII–XIX стагоддзях. Валілі сукно, з якога шылі верхняе адзенне – світы, буркі, сярмягі; выраблялі галаўныя ўборы – магеркі і брылі, а таксама абутак – усім вядомыя валёнкі. Гэты абутак не страціў актуальнасць і сёння. Валёнкі нагадваюць сучасныя моладзевыя угі, а з вышыўкай яны становяцца прадметам дэкаратыўнага мастацтва. Пра валёнкі лепш за ўсё могуць распавесці ў Дрыбіне, дзе шапавальства не толькі не знікла, а атрымала свой працяг. Тут створана школа шапавалаў, і дзеці з 10–12 гадоў навучаюцца гэтаму рамяству. Сюды можна прыехаць на экскурсію і паглядзець усе этапы: закладку, валенне, фармованне, аздабленне вырабаў. Раней у кожнай вёсцы жыў майстар, які валяў шапкі і валёнкі. А сакрэты майстэрства не раскрываліся чужым, таму шапавалы, іх яшчэ называлі «катрушнікі», прыдумалі сваю ўмоўную мову – «катрушніцкі лемезень». Напрыклад, «добры дзень» гучала як «сіпку кудзень», хлеб – «окруж», грошы – «хаўбы», валёнкі – «шкорні», а шапка – «катруха». Шапавальства, і дрыбінскае ў прыватнасці, – з’ява ў нашы дні ўнікальная. Нездарма яно ўключана ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Каментарыі