Аўдыягід

Апісанне

Ткацтва ў Беларусі вядома з глыбокай старажытнасці, пра гэта сведчаць археалагічныя знаходкі. У Гродне, Полацку, Мінску пры раскопках былі знойдзеныя чаўнакі і іншыя дэталі ткацкіх станкоў. Пражу для тканін рабілі з лёну, воўны, пянькі. І палатно ткалася на станках – «кроснах» у залежнасці ад прызначэння: тонкае карункавае – для намітак і кашуль, грубейшае – для верхняга адзення або інтэр’ераў (абрусаў, пакрывалаў, ручнікоў). У наш час захаваліся традыцыйныя цэнтры народнага ткацтва, якія працягваюць развіваць мясцовыя традыцыі. Напрыклад, у Слуцкім, Капыльскім раёнах Мінскай вобласці ткалі ў асноўным спаднічнае палатно, на Гродзеншчыне – узорныя каляровыя «дываны» (кілімкі) і «посцілкі» (пакрывалы), а Палессе славіцца сваімі ручнікамі. Ручнікі для беларусаў здаўна былі магічным сімвалам роду, сям’і, яны як быццам звязвалі спадчыннікаў са сваімі продкамі. Ручнікі мелі прыкладное, дэкаратыўнае і абрадавае значэнне і суправаджалі беларусаў ад нараджэння да смерці. У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці ёсць вёска Неглюбка, дзе і ў нашы дні народныя майстры ткуць ручнікі неверагоднай прыгажосці і вытанчанасці.
Асаблівы, рэдкі від ткацтва – вытворчасць беларускіх габеленаў. У XVIII стагоддзі на магнацкіх мануфактурах Радзівілаў і Агінскіх у Нясвіжы, Міры, Слоніме і Карэлічах беларускія ткачы стваралі высокамастацкія творы – шпалеры-карціны, пераведзеныя з кардонаў, якія рыхтаваліся мастакамі-прафесіяналамі. Напрыклад, карэліцкія габелены на сюжэты «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам» і «Бітва на рацэ Славечна».

Iншыя месцы

Каментарыі

Загрузка карты...