Аўдыягід
Апісанне
Мастацкая кераміка была распаўсюджаная ў Беларусі даўно і паўсюдна. Але найбольшае развіццё гэты промысел атрымаў у паўночным і заходнім рэгіёнах. Вытворчасць кафлі паўстала на нашых землях у пачатку XIV стагоддзя. Менавіта майстэрства вырабу паліхромнай (шматколернай) кафлі прынесла найбольшую славу беларускім майстрам у XVII стагоддзі і аказала ўплыў на развіццё і вытворчасць кафлі ў Расіі. Вырабамі майстроў з Копысі, Мсціслава, Віцебска і іншых гарадоў упрыгожаны ў Маскве церамок уязной брамы Круціцкага падворка, Церамны палац Крамля; Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Каляровая кафля выкарыстоўвалася ў якасці дэкору і прымянялася для аздаблення інтэр’ераў, фасадаў будынкаў. Кафляныя фрызы і пано ўпрыгожвалі храмы. Кафля для печаў мела чыста прыкладное прызначэнне. Для поўначы Беларусі характэрна чорназадымленая, масіўная, грунтоўна апрацаваная кафля, што падвышала яе функцыянальна-ўтылітарныя якасці. Для захаду і поўдня – больш светлая з перавагай жоўтага і блакітнага колераў.
Каментарыі