Аўдыягід

Апісанне

Гэта «беларускае мора», «жамчужына Беларусі» з’яўляецца не толькі самым вялікім па плошчы – 79,6 кв. км, але і адным з самых прыгожых сярод беларускіх азёр. Любімае месца адпачынку беларусаў і гасцей нашай краіны: купацца ў ім можна 100 дзён у годзе, бо возера неглыбокае (менш за 10 метраў) і вада добра выграваецца. Уздоўж берага, ля самай вады размешчаны шматлікія базы адпачынку, у тым ліку знакаміты дзіцячы лагер «Зубраня». Магчыма, і ты там бываў?
У водах Нарачы жыве вугор, тут яго здабываюць, а супольнасць вугроў называюць «статкам». У возеры гэтая каштоўная рыба жыве 5–20 гадоў, потым сыходзіць у мора і адпраўляецца на нераст у Саргасава мора. Уяўляеш, як гэта далёка ад нашых месцаў.
Берагі Нарачы – адзінае месца ў Беларусі, дзе гняздуецца рэліктавы від качак – сярэдні савук.
Пра гэта дзіўнае возера ходзіць шмат легенд. Адна з іх пра дзяўчыну Нару, якая кінулася ў возера, страціўшы каханага і не пажадаўшы выйсці замуж за нялюбага. Па іншай версіі, Нарач – гэта люстэрка, якое выпала з рук закаханай дзяўчыны, і да таго падобнае. Але ўсе легенды апавядаюць пра каханне, «выбранніца» па-беларуску – «нарачоная». Магчыма, адсюль і назва возера, і яго прыгажосць, і за гэта мы яго любім.

Каментарыі

Загрузка карты...