Аўдыягід
Апісанне
«Пінска-Івацэвіцкі строй» лічыцца самым стрыманым і нават архаічным, як бы «застылым», але ад гэтага ён не менш прыгожы, чым іншыя. Мужчынскі святочны касцюм уключаў падперазаную вышытую кашулю і штаны, а дапаўняўся суконнай світай і шыракаполым капелюшом. На поясе – скураная сумачка – «каліта». Жаночы ўбор – гэта асобная тэма. Паглядзі, як лёгкія ажурныя аздабленні – «карункі» падкрэсліваюць тонкасць вырабу палатна кашуль і фартухоў. Лініі арнаменту чырвонага і чырвона-чорнага колеру на фартуху размяшчаюцца паралельна лініі нізу, як у дзяўчынкі, або перпендыкулярна, як у яе мамы. На галаве ў жанчыны – каптур, пакрыты белай хусткай, а такая ж хустка ў дзяўчынкі ўпрыгожана вышыўкай, прычым асабліва адмыслова вышываўся толькі адзін край хусткі. Жаночы каптур – гэта таксама прадмет з асобнай гісторыяй і сэнсам, у гардэробе ў жанчыны ён з’яўляўся падчас вяселля як сімвал новага статусу і не здымаўся нават дома. Але так было, вядома, у доме, дзе строга прытрымліваліся традыцый.
Каментарыі