Аўдыягід
Апісанне
«Кобрынскі строй» па ўсіх прыкметах адразу «выдае» ўзрост і статус людзей, якія прадстаўляюць гэты касцюм на нашай карце. Гэта моладзь, і не таму, што хлопец-кавалер з кветачкай, а перш за ўсё таму, што на нагах у іх лапці. Боты і чаравічкі насіць было яшчэ ранавата або дарагавата, хоць галаўны ўбор дзяўчыны і нагадвае намітку замужняй жанчыны, але на малюнку бачныя адкрытыя валасы і гэта, хутчэй за ўсё, абручык-«чылка», дапоўнены наміткай-«платай», маляўніча задрапіраванай на спіне. Асаблівасць гэтага строю ў тым, што вышыўкай упрыгожвалася ўся паверхня рукавоў кашулі ад пляча да звонападобных абшэвак, а фартухоў звычайна было два, прычым асноўны арнамент ніжняга павінен быў выглядваць з-пад верхняга. Хлопец апрануты ў світку з характэрнымі для Палесся «вусамі» – вялікімі клінамі, ушытымі па баках ад таліі, і ўпрыгожаную каляровым поясам з пярэстымі пампонамі.
Каментарыі