Жыровіцкі мужчынскі манастыр
Кантакты
Аўдыягід
Апісанне
У дзесяці кіламетрах ад горада Слонім у Гродзенскай вобласці, блізу рэчкі Шчара знаходзіцца вёска Жыровіцы. А ў ёй – самы галоўны ў Беларусі праваслаўны мужчынскі манастыр – Свята-Успенскі. Гісторыя манастыра, паводле падання, пачалася ў 1470 годзе са з’явы на дзікай грушы іконы Божай Маці. На тым месцы быў пабудаваны драўляны храм, і пакланіцца цудатворнай іконе сталі адусюль прыходзіць і прыязджаць паломнікі. Вакол храма паўстаў манастыр. У 1520 годзе здарыўся пажар і царква згарэла. Ікона знікла, і ўсе думалі, што яна таксама згарэла. Але цуд паўтарыўся: вясковым дзецям з’явілася Святая Дзева, якая сядзела на вялікім камені з цудатворнай іконай у руках. На месцы згарэлай царквы была ўзведзена каменная, названая Яўленскай, а той самы камень усталявалі ў алтары храма. У пачатку XVII стагоддзя ў манастыры пасяліліся манахі-базіліяне, і на 220 гадоў ён стаў уніяцкім. Жыровіцкі манастыр лічыўся самым багатым на беларускіх землях і карыстаўся сярод уніятаў такой жа вядомасцю, як Чанстахоўскі (у Польшчы) у католікаў. Манастыр – гэта цэлы комплекс, у які ўваходзяць Свята-Успенскі сабор са званіцай, Яўленская, Свята-Нікольская і Крыжаўзвіжанская цэрквы, жылы манастырскі (брацкі) корпус, Духоўныя школы – семінарыя і акадэмія, дзе вучацца будучыя святары. Духоўныя школы і брацкі корпус зачыненыя для старонняга наведвання, а астатнія славутасці даступныя для ўсіх: турыстаў і паломнікаў. Галоўная святыня манастыра – гэта, па-ранейшаму, цудатворная ікона Божай Маці Жыровіцкай, яна знаходзіцца ў Свята-Успенскім саборы. У 1730 годзе адбылася ўрачыстая каранацыя цудатворнай іконы, і кожны год 20 мая вернікі Беларусі адзначаюць вялікае свята ў яе гонар. Шмат выпрабаванняў выпала на долю манастыра і гэтай іконы. Падчас Першай сусветнай вайны яна апынулася ў Маскве, у саборы Васіля Блажэннага, і толькі ў пачатку 1920-х гадоў яна вярнулася ў Жыровіцы. Маленькі абразок памерам з дзіцячую далоньку валодае такой сілай прыцягнення, што пакланіцца яму прыязджаюць з усяго свету.
А ты быў у Жыровіцкім манастыры? Цяпер – гэта духоўная візітная картка Беларусі. Кажуць, што калі пабываць там аднойчы, абавязкова захочаш сюды вярнуцца. Можа, не адразу, а калі прыйдзе час. Менавіта твой час.
Каментарыі