Свята-Сафійскі сабор

Віцебская вобл., г. Полацк, вул. Замкавая, 1
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Аўдыягід

Апісанне

У Полацку на высокім беразе Дзвіны ўзвышаецца беласнежны храм – Сафійскі сабор. Гэтаму архітэктурнаму цуду з каменя каля тысячы гадоў, гэта самае старажытнае каменнае збудаванне на тэрыторыі Беларусі. Полацкі сабор быў трэцім па ліку храмам, узведзеным на Русі ў гонар Святой Сафіі пасля Кіева і Ноўгарада. Дата пачатку будаўніцтва невядомая, але завяршыў узвядзенне храма полацкі князь Усяслаў Брачыславіч па мянушцы «Чарадзей». Гэта ўстаноўлена дакладна і было гэта ў далёкім XI стагоддзі. Тады Полацкае княства дасягнула свайго найвышэйшага росквіту. Будаўніцтвам храма Усяслаў Чарадзей імкнуўся ўзвялічыць і сваю ўладу, і Полацкую зямлю. А ёй у той час падпарадкоўвалася нават чарнаморская Цьмутаракань. І князю гэта ўдалося.
Правобразам для стварэння Полацкай Сафіі, як Кіеўскай і Наўгародскай, стала Сафія Канстанцінопальская. Галоўныя агульныя іх рысы – архітэктурнае падабенства і веліч. Але ёсць у полацкага храма і свае мясцовыя асаблівасці. Натуральныя камяні ў яго аснове, на якіх захаваліся імёны муляроў, чаргаванне белага і чырвонага мура нагадваюць, што сабор вырас непасрэдна на беларускай зямлі. Сімвалічна і тое, што першае згадванне пра храм звязана з імем Еўфрасінні Полацкай, якая менавіта ў яго скрыпторыі (майстэрні па перапісванні рукапісаў) пачала свой духоўны жыццёвы шлях. За ўсю гісторыю існавання сабор перанёс шмат пераўтварэнняў, не захаваліся золатагаловыя купалы, змянілася першапачатковае архітэктурнае аблічча. Але і сёння гэты велічны і ў той жа час лёгкі храм як быццам узлятае ў паднябессе і кліча за сабой да вяршыняў духоўнасці. Варта толькі заплюшчыць вочы, пастаяць і падумаць побач з Сафіяй Полацкай, або Сафійкай, як яе ласкава называюць мясцовыя жыхары.

Iншыя месцы

Каментарыі

Загрузка карты...