Камянецкая вежа

Брэсцкая вобл., г. Каменец, вул. Леніна, 3А
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Кантакты

Аўдыягід

Апісанне

Камянецкая вежа размешчана на невялікім пагорку паблізу абрывістага берага ракі Лясной. Камянецкую вежу яшчэ з XIX стагоддзя называюць Белай, а ў 50-х гадах мінулага стагоддзя яе ўпершыню пабялілі, напэўна, для таго, каб яна ў літаральным сэнсе адпавядала сваёй назве... Вежа – тыповае абарончае збудаванне, вартавы дзяржаўных межаў і ўзор каменнага манументальнага дойлідства на беларускай зямлі. Камянецкая крэпасць і вежа былі пабудаваныя ў другой палове XIII стагоддзя (паміж 1276 і 1288 гадамі) валынскім князем Уладзімірам Васількавічам. Ён паслаў «градаруба» Алексу пабудаваць горад. Летапіс кажа: «И за Берестье сруби город на пустом месте… и нарече ему имя Каменец…созда в нем столп камен высотою 17 сажней. Подобен удивлению всем зрящим нань». Такім чынам, Камянецкая крэпасць была драўлянай, а яе галоўнае ўмацаванне – высокая вежа – каменнай, першая ў Беларусі вежа-данжон. Гэта значыць –галоўная вежа, як бы крэпасць унутры крэпасці. Пабудавана была з чырвонай і жоўтай цэглы. З часам цагляны мур ператварыўся ў сапраўдны камень, і калі ў XIX стагоддзі яе спрабавалі разабраць, то зрабіць гэта не змаглі. Вышыня яе каля 30 метраў, таўшчыня сцен – 2,5, дыяметр – больш за 13 метраў. Пяць ярусаў ці паверхаў вежы з вокнамі-байніцамі злучаліся паміж сабой унутранай драўлянай лесвіцай. Падчас абароны ў вежы размяшчалася шмат воінаў. Ярусы звязваліся не толькі лесвіцай, але і ўтоенымі ў тоўшчы сцяны каменнымі прыступкамі, па якіх з пятага яруса можна было дабрацца да верхняй пляцоўкі вежы. Яна не раз станавілася ўдзельніцай кровапралітных баталій мінулых стагоддзяў. Ад Камянецкага замка ў нашы дні не засталося і следу, але вежа добра захавалася. Знешні выгляд у яе даволі просты, яна здаецца манументальнай, але ў той жа час нейкай сабранай і лёгкай. Вяршыню Белай вежы, як шахматную ладдзю, вянчае карона з 14 зубцоў. З 1960 года ў ёй размясціўся філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Экспанаты могуць расказаць многае пра славутае мінулае зямлі Камянецкай і пра Белую вежу. Яна, як волат, узвышаецца над мясцовасцю, нібы дазорны, ахоўвае рубяжы роднай зямлі. А мы любуемся ёю, і ў галаву прыходзіць думка: «Калі Белая вежа цэлая і непашкоджаная, значыць, на Беларусі ўсё добра і спакойна».

Iншыя месцы

Каментарыі

Загрузка карты...