Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс

Мінская вобл., г. Нясвіж, вул. Ленінская, 19
  • (1)
Паведаміць пра памылку Я ўладальнік

Кантакты

Апісанне

Нясвіжскі замак – частка палацава-паркавага комплексу, размешчанага ў горадзе Нясвіж Мінскай вобласці. Выдатны помнік гісторыі і культуры Беларусі, яе візітная картка і, мабыць, самая наведвальная турыстамі славутасць нашай краіны. З 2005 года – аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Нясвіж у XVI стагоддзі стаў рэзідэнцыяй магнатаў Радзівілаў, найбагацейшага княскага роду ў дзяржаве на беларускіх землях – Вялікім Княстве Літоўскім. З гэтага часу пачынаецца гісторыя каменнай архітэктуры Нясвіжа.
У 1583 годзе на месцы драўлянага ўмацавання Мікалаем Крыштафам Радзівілам па мянушцы «Сіротка» быў закладзены каменны замак. Ён запрасіў з Італіі архітэктара Бернардоні. І праз некалькі гадоў на правым беразе ракі Уша з’явілася магутная крэпасць, акружаная з усіх бакоў ровам-возерам. З часам замак павялічваўся, перабудоўваўся і ператварыўся з грознай цытадэлі ў выдатны палацава-паркавы комплекс. Па кутах сцен былі пабудаваныя абарончыя вежы, па галоўнай восі комплексу – уязная брама з пад’ёмным мостам і княскі палац. Злева ад брамы знаходзіўся гаспадарчы корпус, справа – казарма з вялікай вартавой вежай. І, нарэшце, быў разбіты цудоўны пейзажны парк. Гэта было «Радзівілаўскае гняздо», іх рэзідэнцыя. Доўгі час замак лічыўся на беларускіх землях ледзь не самым умацаваным і непрыступным для непрыяцеля. Толькі ў 1706 годзе ён быў захоплены шведамі (падчас Паўночнай вайны) і разбураны. Былі ўзарваныя абарончыя бастыёны, разрабавана маёмасць. Але кожны раз замак аднаўляўся да чарговага ўзрушэння. Да нядаўняга часу на яго тэрыторыі знаходзіўся санаторый «Нясвіж». У цяперашні час замак адноўлены, рэканструяваны і як раней захапляе ўсіх сваёй дасканаласцю і прыгажосцю. Асабліва палац з яго велічнымі заламі, які здаецца чарадзействам, застылым у цэгле і камені. А ўязныя вароты, «брама»? Яна нібы ўрасла ў зямлю, быццам была і будзе тут заўсёды. У сучаснай архітэктуры замка спалучаюцца розныя стылі: готыка, рэнесанс, класіцызм і барока. Усё тут дыхае жывой мінуўшчынай. З замка вывозіліся кнігі, карціны, золата-срэбра, слуцкія паясы. Але ніхто не змог вывезці адсюль бессмяротны дух Чорнай дамы («панны»). Ён да гэтага часу блукае па палацу і парку – дух каралевы Барбары Радзівіл. Гэта ўжо «зусім іншая гісторыя»... Пра яе ты даведаешся ў Нясвіжы, калі прыедзеш сюды. Але пакуль павер, што дух любові ніколі не пакідаў гэтыя месцы.

Iншыя месцы

Каментары

Загрузка карты...