Аўдыягід
Апісанне
Нарадзіўся ён у Тураве, дзе і атрымаў адукацыю. Ён быў маладзейшы за Еўфрасінню Полацкую амаль на 30 гадоў, але, напэўна, можна сказаць, што яны былі сучаснікамі. Тураў у ХІІ стагоддзі, як і Полацк, быў магутным цэнтрам культуры, у якім былі скрыпторыі пры кляштарах, дзе вывучалі мовы, чыталі кнігі, знаёмілі вучняў з рыторыкай. Дасягнуўшы паўналецця, Кірыла Тураўскі стаў святаром. Ён быў пісьменнікам і прапаведнікам, і хоць пра яго вядома не так ужо шмат, да нашых дзён дайшла і захавалася неверагодная колькасць яго пропаведзяў, малітваў-настаўленняў, канонаў. Яго называлі Тураўскім Златасловам. Ён першы на Русі «стоўпнік», г.зн. манах-пустэльнік, які маліўся на «стаўпе» (камень ці адкрытая пляцоўка). А для Кірылы Тураўскага «стаўпом» была манастырская вежа, дзе ён адасобіўся. Бесперапыннае стаянне падчас малітвы або «стоўпніцтва» патрабавала поўнага адрачэння ад сябе і было падобна духоўнаму подзвігу. Кірыла Тураўскі – вялікі гуманіст свайго часу, ён для Беларусі сімвал таленту і глыбіні каранёў нашай культуры. Выдатны помнік яму ўзведзены ў старажытным Тураве.
Каментарыі