Апісанне

Жыла яна амаль тысячу гадоў таму, у ХІІ стагоддзі, але і сёння яна ў нашай краіне асабліва шануецца як дзіўная жанчына, святая, апякунка і нябесная заступніца зямлі беларускай. Князёўна, унучка Усяслава Чарадзея пры нараджэнні атрымала імя Прадслава. З ранніх гадоў яна любіла кнігі, шмат чытала, ведала латынь і грэцкую мову. Калі дзяўчынцы споўнілася 12 гадоў і бацькі планавалі выдаць яе замуж, Прадслава пайшла ў манастыр і стала манашкай Еўфрасінняй. У Полацку на сродкі Еўфрасінні былі ўзведзены дзве царквы. Яна заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, якія сталі цэнтрамі асветы і культуры ў Полацкім княстве. Пры іх адкрываліся школы для дзяцей, дзе вучылі чытаць, пісаць, давалі веды па прыродазнаўстве, медыцыне, рыторыцы. У кляштарах працавалі скрыпторыі, так называліся майстэрні па перапісванні кніг, ствараліся іканапісныя майстэрні. Па замове Еўфрасінні Полацкай у 1161 годзе быў зроблены крыж, які стаў каштоўнейшай святыняй Беларусі.
Крыж Еўфрасінні Полацкай. Напрастольны крыж быў выраблены полацкім майстрам Лазарам Богшам па замове Еўфрасінні Полацкай і названы яе імем. Ён быў створаны як крыж-каўчэг для захоўвання дасланых з Царграда (цяпер гэта Стамбул) і Іерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Самымі каштоўнымі з гэтых рэліквій былі часцінкі Святога Дрэва-Крыжа, на якім быў распяты Хрыстос. Еўфрасіння хацела, каб Крыж вечна быў «жыватворным», гэта значыць, акультурваў і лячыў душы людзей. Шасціканцовы крыж вышынёй 51,8 сантыметра быў зроблены з кіпарыса, упрыгожаны залатымі і срэбранымі пласцінамі, каштоўнымі камянямі. Гэты цуд прыгажосці і майстэрства знік падчас Вялікай Айчыннай вайны. Крыж да гэтага часу, на жаль, не знойдзены.
У канцы мінулага стагоддзя брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом Крыж Еўфрасінні Полацкай быў адноўлены і асвечаны ў 1997 годзе. У нашы дні ён захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку.

Каментары

Загрузка карты...