Апісанне

Асветнік, гуманіст, рэлігійны рэфарматар, філосаф, кнігавыдавец. Ён быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу (XVI стагоддзе). Валодаў шырокім кругаглядам і спрабаваў зламаць традыцыйныя ўяўленні пра Сусвет, Бога, чалавека. Ён заклікаў да разважання і за свае перадавыя погляды праславіўся «вялікім ерэтыком». Пасля заканчэння Кракаўскага ўніверсітэта Сымон Будны стаў прапаведнікам і кнігавыдаўцом. Да нашых дзён захаваўся выдадзены ім у 1562 годзе ў Нясвіжы «Катэхізіс». Гэтая кніга была першым друкаваным выданнем на землях сучаснай Беларусі. Выдадзеная яна была на старабеларускай мове, таму што Сымон Будны, як і Францыск Скарына, вельмі беражліва ставіўся да роднай «здаўна слаўнай» мовы. У «Катэхізісе» падымаліся пытанні веры, дзяржаўнай улады і месца чалавека ў гэтым свеце. За вальнадумства Сымон Будны быў пазбаўлены царкоўнага сану, яго кнігі палілі на вогнішчах. А праз 400 гадоў нашчадкі ўзвялі яму помнік у Нясвіжы – горадзе, дзе пачыналася друкарская дзейнасць Сымона Буднага. Гэтаму чалавеку, калі перафразаваць, належаць словы: «Я не бачу прычыны, чаму супрацьлеглыя меркаванні могуць перашкодзіць супрацоўніцтву людзей».

Каментары

Загрузка карты...