Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік
Кантакты
Аўдыягід
Апісанне
Гэта адзіны запаведнік, куды мы цябе пакуль не запрашаем. Ён нават на карце падпісаны чорным колерам у адрозненне ад астатніх ахоўных тэрыторый, падпісаных зялёным колерам. Не запрашаем, пакуль ты не падрасцеш. Павінен прайсці час, каб сюды можна было бяспечна прыязджаць, каб прырода ачысцілася і аднавілася пасля жахлівай тэхнагеннай катастрофы – аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Запаведнік быў створаны тут у 1988 годзе, праз 2 гады пасля аварыі на ЧАЭС, у так званай 30-кіламетровай зоне адчужэння. Ён размешчаны ў эпіцэнтры радыяцыйнага забруджвання на тэрыторыі трох раёнаў Гомельскай вобласці: Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. Тут сканцэнтравана каля 1/3 радыеактыўнага цэзію, які выпаў на тэрыторыю Беларусі, 70% стронцыю, 97% плутонію. Плошча запаведніка больш за 215 тысяч гектараў. Жыхары амаль 100 населеных пунктаў былі выселеныя за межы гэтай тэрыторыі, забароненая гаспадарчая дзейнасць, як, напрыклад, вываз драўніны, паляванне, рыбалка, збор грыбоў і ягад. Галоўная мэта – забяспечыць радыяцыйную бяспеку людзей, якія жывуць вакол, ды і ва ўсёй краіне. Гэта такая бар’ерная зона, але ў запаведніку працуюць людзі, каля 700 чалавек, і навукоўцы, якія прыязджаюць сюды з розных краін. Сёння Палескі радыяцыйны запаведнік – найбуйнейшая навукова-даследчая пляцоўка, аналагаў якой няма нідзе ў свеце. Тут вывучаецца ўплыў радыяцыі на жывую прыроду, праводзіцца маніторынг экалагічнага стану навакольнага асяроддзя. Тут яшчэ і вучацца, сюды прыязджаюць студэнты, у асноўным біёлагі. А ў дачыненні да флоры і фаўны – гэта ўнікальны куток свету, дзе ўжо 30 гадоў чалавек не ўмешваецца ў натуральны ход жыцця. Прырода аднаўляецца і развіваецца. У запаведніку больш за 1 250 відаў раслін, з іх каля 30 занесены ў Чырвоную кнігу (астра стэпавая, наяда вялікая, вадзяны арэх і іншыя). Фаўна налічвае 54 віды млекакормячых, 280 відаў птушак, 25 відаў рыб. З прадстаўнікоў жывёльнага свету запаведніка 43 – «чырванакніжнікі»: зубр, буры мядзведзь, рысь, барсук, чорны бусел, арлан-белахвост і іншыя. Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – закрытая зона, але трапіць туды можна па спецыяльным пропуску, калі трэба. Але давай пакуль паглядзім фільм Андрэя Таркоўскага «Сталкер» і назіраць за прыродай паедзем у іншае месца. Пакуль…
Каментарыі