Аўдыягід

Апісанне

Рэспубліка Беларусь, Беларусь. Айчына. Радзіма. Усё гэта – непаўторная і адзіная ва ўсім свеце «зямля з блакітнымі вачыма». Тут мы нарадзіліся і жывём, вучымся і працуем, падарожнічаем і марым.
Паглядзі ўважліва на тэрыторыю краіны, яна аконтураная на карце чырвонай лініяй дзяржаўнай мяжы. Праўда, Беларусь па форме тэрыторыі нагадвае кляновы ліст? Плошча гэтага «лісточка» не такая ўжо малая – 207, 6 тысяч квадратных кіламетраў. Гэта 15 месца па плошчы сярод краін Еўропы. Еўропа – частка мацерыка Еўразія, а Еўразія – гэта адзін з шасці мацерыкоў планеты Зямля. Ты толькі што атрымаў адрас Беларусі ў Сусвеце.
Насельніцтва Беларусі 9,5 мільёнаў чалавек, і яшчэ больш за 3 мільёны беларусаў жывуць за мяжой.
У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Беларусаў сярод амаль 10-мільённага насельніцтва больш за 80 працэнтаў, але жывуць тут і лічаць Беларусь сваёй краінай прадстаўнікі яшчэ 130 нацыянальнасцяў: рускія, палякі, украінцы, яўрэі, татары, літоўцы, армяне і іншыя. І хто б мы ні былі па нацыянальнасці, веравызнанні або колеру скуры, мы заўсёды жылі мірна. Усе мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таму – беларусы. І кожны з нас можа сказаць пра сябе так, як сказаў паэт Ніл Гілевіч: «Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя…»
Беларусь размешчана ў сярэдніх шыротах. Шырата (як і даўгата) вызначаецца ў градусах, а іх ад экватара да паўночнага полюса 90.
Геаграфічнае становішча вызначае і даволі камфортныя ўмовы жыцця ўмераных шырот з дастатковай колькасцю цяпла і вільгаці. Тэрыторыя Беларусі пераважна раўнінная, але ёсць нізіны, пагоркі і ўзвышшы. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора прыкладна 160 метраў, так што аматарам пакатацца з гор ёсць, дзе разагнацца. Гэта зімой, а летам, калі ласка, купайся. Рэк і ручаёў у Беларусі больш за 20 тысяч, а азёр каля 11 тысяч. А яшчэ ў нас ёсць вясна і восень, усе чатыры сезоны года. Уяўляеш, як беларусам пашанцавала: жыць ва ўмерана кантынентальным клімаце і назіраць, як мяняецца прырода.
Беларусь яшчэ і лясная краіна. 1/3 тэрыторыі пакрыта лясамі, у якіх жыве больш за 30 тысяч відаў жывёл і цар звяроў сярод іх, ты думаеш хто? Вядома, зубр. Звяры, птушкі, рыбы Беларусі – гэта наша багацце, якое мы не толькі выкарыстоўваем, але і ахоўваем, ствараючы запаведныя тэрыторыі.

Iншыя месцы

Каментарыі

Загрузка карты...