Аўдыягід
Апісанне
Гомель. Абласны цэнтр на паўднёвым усходзе Беларусі, горад з насельніцтвам 536 тысяч чалавек. Гэта вельмі старажытны горад, ён узнік на месцы паселішча старажытнаславянскага племені радзімічаў. Першае згадванне пра Гомель адносіцца да 1142 года, які і лічыцца годам яго заснавання. А што датычыцца назвы, то існуе некалькі версій, і самымі праўдападобнымі з’яўляюцца дзве з іх. Па адной, Гомель узяў сваё імя ад ручая Гамяюк – прытоку ракі Сож. Па іншай версіі, горад так назвалі з-за сплаўшчыкаў лесу, якія папярэджвалі адзін аднаго пра мель на рацэ воклічам: «Го-го, мель!». Ён знаходзіўся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў паміж Кіевам, Полацкам, Візантыяй, хутка рос і развіваўся. Магдэбургскае права горад атрымаў у 1670 годзе, але пасля ўваходжання ў Расійскую імперыю Гомель быў падораны Кацярынай II расійскаму палкаводцу Пятру Румянцаву і стаў яго прыватным валоданнем. Праз некаторы час горад перайшоў ва ўласнасць іншага расійскага ваеначальніка Івана Паскевіча. Спадчынны маёнтак гэтых вяльможаў – цудоўны палацава-паркавы ансамбль Румянцавых – Паскевічаў і сёння з’яўляецца галоўным упрыгожваннем горада. У нашы дні Гомель – гэта адзін з буйнейшых прамысловых і культурных цэнтраў Беларусі і горад, дзе больш за ўсё сонечных дзён у годзе.
Першы герб, дакладней гарадская пячатка з надпісам «Герб горада Гомеля», згадваецца ў 1560 годзе, задоўга да атрымання горадам магдэбургскага права. Гэтая гербавая пячатка з выявай кавалерскага крыжа была «падаравана» гараджанам вялікім князем літоўскім па іх просьбе, але яна так і не стала гербам горада. У перыяд знаходжання Гомеля ў прыватнай уласнасці герба ў яго таксама не было. Толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі Гомель стаў цэнтрам павета, быў зацверджаны герб горада. Побач з атрыбутам прыналежнасці да Расійскай імперыі – двухгаловым арлом, з’явілася выява рысі – жывёлы, якой шмат вадзілася ў навакольных лясах. На сучасным гербе Гомеля гэты малюнак застаўся адзіным: на блакітным фоне залатая рысь, якая ляжыць.
Каментарыі